Дабрачынны баль ў падтрымку жывёл пройдзе ў Віцебску

Дабрачынны баль ў падтрымку жывёл пройдзе ў Віцебску

5 кастрычніка а 18-й гадзіне ў культурна-гістарычным комплексе "Залатое кола Віцебска "Дзвіна" пройдзе дабрачынны баль у стылі ХІХ стагоддзя. Усе сродкі ад продажу квіткоў і атрыманыя рэчы (кансервы, корм, падсцілкі і г.д.) будуць перададзены гарадскому прытулку для бяздомных жывёл. Квіток на баль каштуе 20 тысяч рублёў.

Прытулак для бяздомных жывёл Віцебска быў адкрыты 16 жніўня 2011 года і існуе дзякуючы энтузіязму начальніка ўстановы Наталлі Зубавай, супрацоўнікаў прытулку, валанцёраў. Сёння прытулак перажывае не лепшыя часы. Гэта звязана з недастатковым фінансаваннем, вялікай колькасцю гадаванцаў, імкненнем гараджан падкінуць прытулку жывёл, а не забраць іх адтуль.

Гэтым балем распачынаецца сезон 2013-2014 года ў Віцебску, дзе падобныя мерапрыемствы ўжо сталі традыцыйнымі дзякуючы клубу гістарычнай рэканструкцыі "Паўночная вежа" і яго каардынатарам Элі Петрачэнцы і Хрысціне Бондаравай. Баль будзе складацца з двух аддзяленняў: вальсавага і кантраданснага. Прагучаць творы сучасных кампазітараў і аўтараў ХІХ стагоддзя ў жывым выкананні.

Вольга Чайкоўская, Звязда

Дабрачынны баль ў падтрымку жывёл пройдзе ў Віцебску